Як правільна падрыхтавацца да цяжарнасці і нараджэння дзіцяці?

Што такое планаванне сям’і і

Як правільна падрыхтавацца да цяжарнасці і нараджэння дзіцяці?

Здаровым дзіця можа нарадзіцца толькі ў здаровых бацькоў. Кожная сям’я павінна быць пераканана ў неабходнасці планавання нараджэння дзіцяці. Галоўны вынік планавання сям’і – свабоднае і адказнае бацькоўства, гэта дзеці па жаданні, а не па выпадку!

С.П. Кандрашова (Заг. гінекалагічнага аддзялення)

Як правільна падрыхтавацца да цяжарнасці і нараджэння дзіцяці?

Здаровым дзіця можа нарадзіцца толькі ў здаровых бацькоў. Кожная сям’я павінна быць пераканана ў неабходнасці планавання нараджэння дзіцяці. Галоўны вынік планавання сям’і – гэта свабоднае і адказнае бацькоўства, гэта дзеці па жаданні, а не па выпадку. Такія дзеці нараджаюцца фізічна здаровымі. Вельмі важна, каб цяжарнасць працякала без ускладненняў, якія негатыўна адбіваюцца на ўнутрывантробным развіцці дзіцяці, ствараюць умовы для медыкаментознай нагрузкі на плод пры іх лячэнні, выклікаюць адхіленні ў працэсе наступных родаў. Апроч таго, цяжарнасць стварае значную нагрузку на арганізм, часта выяўляе захворванні, якія працякаюць употай.

Як нарадзіць здаровае дзіця?

Планаванне нараджэння дзіцяці пачынаецца з клопату пра свой арганізм, з падрыхтоўкі яго да цяжарнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўзнікнення. У перыяд планавання цяжарнасці будучай мацеры пажадана разам з мужам наведаць урача і абследавацца. Неабходна пераканацца, што ў абодвух сужэнцаў няма захворванняў з боку палавой сферы і паталогіі іншых органаў і сістэм, якія могуць аказаць неспрыяльнае ўздзеянне на плод. Неабходна адзначыць, што прычынамі, якія дамінуюць у развіцці пагрозы перарывання цяжарнасці, заўчыасных родаў, цяжарнасці, якая не развіваецца, з’яўляюцца інфекцыя, генетычныя і гарманальныя парушэнні.

Будучай мацеры ў жаночай кансультацыі будзе прызначана агульнае абследаванне: агульны аналіз крыві, мачы, вызначана група крыві і рэзус-фактар. Надзвычай важна абследаванне на наяўнасць шэрагу інфекцый: віруснага гепатыту B, туберкулёзу, токсіплазмозу, герпесу, урэаплазмозу і мікаплазмозу, хламідыйнай і іншых інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

Перад наступленнем цяжарнасці, таксама, як і падчас яе, неабходна паўнавартаснае харчаванне, дадатковае ўжыванне вітамінаў. Прычым дыета будучага бацькі павінна быць адлюстраваннем дыеты жонкі з дадаваннем калорый адпаведна да масы цела і актыўнасці. Чым лепей харчаванне мужчыны, тым больш здаровыя яго палавыя клеткі. У перыяд падрыхтоўкі да цяжарнасці сужэнцы павінны абмежаваць спажыванне кафеіну, выключыць, па магчымасці, прыём лекавых прэпаратаў. Калі яны неабходныя, трэба пераканацца ў іх бяспечнасці для будучага плода. Як мінімум за 2–3 месяцы да магчымага зачацця пажадана поўнасцю спыніць ужыванне алкаголю, перастаць паліць абодвум сужэнцам, і асабліва жанчыне.

У асноўным будучыя бацькі стараюцца выконваць рэкамендацыі ўрачоў. Але, на жаль, часам бывае так, што найпростыя рэкамендацыі – адмовіцца ад палення, алкаголю – успрымаюцца скептычна. Сапраўды, інфарміраванасць – не сінонім адказнасці за сваё здароўе і здароўе будучага дзіцяці. Пра якую адказнасць можна казаць, калі жанчына лечыцца ў акушэрскім стацыянары з прычыны заўчасных родаў, якія ёй пагражаюць, і кажа ўрачу, што «ўжо амаль не паліць». Амаль – гэта паўпачка цыгарэт, а да «амаль» быў пачак. Шматлікімі даследаваннямі даказана, што нікацін згубна дзейнічае на плацэнту – у ёй парушаецца крываток, змяншаецца маса плацэнты, трапляючы ў кроў плода, нікацін звязвае гемаглабін, што прыводзіць да кіслароднага галадання дзіцяці. У жанчын, якія паляцьі ўжываюць алкаголь, часцей нараджаюцца хворыя дзеці, у тым ліку і з парокамі развіцця.

Дзякуючы сучасным высокім тэхналогіям, якія выкарыстоўваюцца зараз у медыцыне, мы даем магчымасць спазнаць шчасце мацярынства жанчынам, якія яшчэ 15–20 гадоў таму не толькі не маглі б зацяжараць, але і маглі б не дажыць да рэпрадуктыўнага ўзросту. Гэта жанчыны з цяжкімі парокамі сэрца, у тым ліку і пасля хірургічнай карэкцыі, з цяжкімі формамі цукровага дыябету і іншымі захворваннямі. Такім жанчынам асабліва важна прайсці перадгравідарную (да наступлення цяжарнасці) падрыхтоўку.

Ніхто з нас не застрахаваны ад нараджэння дзіцяці з генетычна абумоўленай паталогіяй. Больш чым у палове выпадкаў спадчыннае захворванне ўзнікае ў сям’і ўпершыню. Як прадухіліць нараджэнне дзіцяці з парокамі развіцця і спадчыннымі захвоорваннямі?

Рыхтуючыся да нараджэння дзіцяці, неабходна памятаць, што рызыка спадчынных хвароб рэзка ўзрастае пры шлюбу родных, пры наяўнасці ў сям’і дзяцей з парокамі развіцця, разумовай адсталасцю, некалькіх выкідышаў, мёртванараджэння, пры ўзросце бацькоў, старэйшым за 35–40 гадоў. Такія сямейныя пары абавязкова павінны прайсці кансультаванне ў медыка-генетычнай кансультацыі. Спецыяліст праінфарміруе будучых бацькоў аб рызыцы захворвання, прызначыць неабходныя абследаванні, якія пажадана правесці да наступлення цяжарнасці, дасць рэкамендацыі.

У апошнія гады ў многіх краінах, у тым ліку і ў нашай, выкарыстоўваецца так званая перадканцэптыўная тэрапія, гэта значыць лячэнне да і пасля зачацця, якая ў некалькі разоў змяншае верагоднасць парокаў развіцця нервовай сістэмы. Гэта прыём фоліевай кіслаты абодвума сужэнцамі 2–3 месяцы да зачацця і жанчынай у першыя тры месяцы цяжарнасці.

Немалаважнае значэнне мае ўзрост жанчын, якія ўпершыню нараджаюць дзяцей. З медыцынскага пункту гледжання аптымальным узростам для цяжарнасці і родаў з’яўляецца ўзроставы перыяд з 20–22 да 35 гадоў. Калі ў юным узросце мы адзначаем фізіялагічную нясталасць органаў рэпрадуктыўнай сістэмы, то пасля 35 гадоў пачынаецца натуральнае старэнне рэпрадуктыўных органаў. Апроч таго, з узростам мы набываем пэўны багаж захворванняў, якія могуць негатыўна ўплываць на цячэнне цяжарнасці. У той жа час, з кожным годам расце колькасць жанчын, якія нараджаюць першае дзіця пасля 30–35 гадоў. У гэтым сэнсе мы становімся ўсё больш падобнымі да заходніх краін – жанчыны спачатку атрымліваюць адукацыю, робяць кар’еру, а потым нараджаюць дзяцей.

Такім чынам, рыхтуючыся стаць бацькамі, неабходна: сабраць інфармацыю аб хранічных хваробах, пароках развіцця, выпадках невыношвання цяжарнасці, мёртванараджэнняў у сям’і. Калі ў сям’і хварэюць хранічнымі хваробамі, звярнуцца да генэтыка па інфармацыю аб магчымай рызыцы захворвання будучага дзіцяці. Правесці абследаванне будучай маці ў гінеколага, вызначыць тытр антыцел да некаторых інфекцый (краснуха, токсаплазмоз). Правесці курс лячэння фоліевай кіслатой: будучаму бацьку – за тры месяцы да зачацця, будучай маці – за тры месяцы да зачацця і тры месяцы пасля яго.

Праводзіць ультрагукавое даследаванне плода не менш за два разы пад час цяжарнасці. Цяжарным, якія старэйшыя за 36 гадоў, пажадана вызначыць рызыку ўзнікнення сіндрому Дауна.

Як бачна з выкладзенага вышэй, залогам паспяховага завяршэння цяжарнасці з’яўляецца яе планаванне.

Ва ўмовах горада Мінска можна атрымаць прафесіянальную кансультацыю і медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме для падрыхтоўкі да нараджэння дзіцяці. Для гэтага можна звярнуцца не толькі да ўрачоў жаночых кансультацый, але і ў ДУ РНПЦ «Маці і дзіця», у гарадскі Цэнтр планавання сям’і ў гарадскім клінічным радзільным доме №2, медыцынскія цэнтры.

У апошнія гады былі выдзелены значныя бюджэтныя сродкі для аснашчэння і перааснашчэння родадапаможных устаноў сучасным высокатэхналагічным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем, якое дазваляе выяўляць найменшую паталогію ў цяжарнай і плода і прадухіліць развіццё ўскладненняў.

Але самае галоўнае, каб будучыя бацькі ўсведамлялі, што за здароўе будучага дзіцяці адказныя, перш за ўсё, яны, прычым у роўнай ступені. Бацькі павінны разам прайсці шлях ад падрыхтоўкі да зачацця да цяжарнасці і да нараджэння дзіцяці.

Мы на карце

Тэлефоны для грамадзян Беларусі:
+375172206984
+375 (33) 633-62-17

Тэлефоны для замежных грамадзян:
+375 (17) 392-32-53

Ёсць пытанні? Пытайце!