Цяжарнасць, якая не развіваецца

Паняцце «цяжарнасць, якая не развіваецца, або замерлая цяжарнасць» уключае два клінічныя станы:

– загінулае плоднае яйка, анэмбрыянія (сін. anembryonic pregnancy), што ўяўляе сабой пусты зародкавы мяшок з прычыны аплазіі або ранняй рэзорбцыі трофабласта

– выкідыш, які не адбыўся, (missed abortion) – ранняя ўнутрывантробная гібель плода і затрымка плода ў поласці маткі.

Паводле дадзеных рознах даследчыкаў, кожная пятая жаданая цяжарнасць самаадвольна перарываецца, прычым у 88,6% выпадкаў па тыпе выкідыша, які не адбыўся (Кулакоў У. І., 2002 г.).

Апроч таго, нягледзячы на інтэнсіўнае вывучэнне дадзенага ўскладнення цяжарнасці, у 26–66% выпадкаў прычына цяжарнасці, якая не развіваецца, застаецца нявысветленай.

Прычыны цяжарнасці, якая не развіваецца, разнастайныя, часта яны спалучаюцца. Спыненне развіцця эмбрыёна можа быць абумоўлена як генетычнымі (імуналагічная несумяшчальнасць, генныя або храмасомныя мутацыі), так і фактарамі асяроддзя (захворванне мацеры, хімічныя або фізічныя ўздзеянні на арганізм мацеры і плода). Многія з гэтых фактараў з’яўляюцца тэратагеннымі для эмбрыёна і могуць незалежна ад часу ўздзеяння прывесці да яго пашкоджання.

Адрозніваюць спарадычную (адзіны эпізод цяжарнасці, якая не развіваецца, у анамнэзе) і звыклую цяжарнасць, якая не развіваецца (наяўнасць дзвюх і больш цяжарнасцей, якія не развіваюцца).

Каб прадухіліць перарыванне цяжарнасці, мэтазгодна выдзеліць фактары рызыкі ўзнікнення дадзенага ўскладнення і, па магчымасці, ліквідаваць іх. Да такіх фактараў акушэры-гінеколагі адносяць наступныя:

  1. узрост жанчыны маладзейшы за 18 гадоў і старэйшы за 35 гадоў;
  2. звыклае невыношванне цяжарнасці;
  3. перарыванне 1-й цяжарнасці (медаборт);
  4. першасная і другасная бясплоднасць;
  5. запаленчыя захворванні ўнутраных палавых органаў;
  6. запаленчыя захворванні шыйкі маткі і цэрвікальнага канала (у 74% выпадкаў пры даследаванні саскрэбу эндаметрыю і тканак плоднага яйка выяўлена урагенітальная інфекцыя);
  7. гарманальныя парушэнні;
  8. генітальны інфантылізм;
  9. міёма маткі, эндаметрыёз;
  10. паталогія спермы ў партнёра;
  11. ускладнены ход цяжарнасці (пагроза перарывання цяжарнасці, наяўнасць працяглых, больш за 7 дзён, крывяністых выдзяленняў з палавых шляхоў).

Вельмі важна адзначыць, што прычынамі, якія дамінуюць у развіцці цяжарнасці, якая не развіваецца, з’яўляюцца інфекцыя, генетычныя і гарманальныя парушэнні. У той жа час аўтаімунныя (АФС) істотнага значэння не маюць. Рызыка развіцця цяжарнасці, якая не развіваецца, шматразова ўзрастае пры спалучэнні двух або больш фактараў. У 22,2% выпадкаў выяўляецца змяшаны генез перарывання цяжарнасці.

Апроч таго, перыядычныя ваганні паказчыкаў частаты сустракальнасці цяжарнасці, якая не развіваецца, сведчаць на карысць сезоннага характару гэтай паталогіі. Выяўлена выразная сувязь гібелі плоднага яйка з сезонам зачацця. Максімум сустракальнасці цяжарнасці, якая не развіваецца, прыпадае на перыяды, якія адпавядаюць зачаццям на «стыках» авулятарных і анавулятарных цыклаў, гэта значыць, у перыяды змены сезонаў года (сакавік, травень, верасень, снежань).

Характэрнымі клінічнымі прыметамі цяжарнасці, якая не развіваецца, з’яўляюцца, як правіла, працяглыя крывяністыя выдзяленні з палавых пуцей, ныючыя або схваткападобныя болі ўнізе жывата. Гэтыя сімптомы з’яўляюцца праз 2-6 тыдняў пасля спынення развіцця плоднага яйка. Да гэтага тэрміну ў 80% выпадкаў выяўляецца неадпаведнасць памеру маткі меркаванаму тэрміну цяжарнасці. Змяншэнне памераў маткі часцей выяўляецца пры гібелі плода ў 1-м трыместры цяжарнасці. Да 12 тыдняў гэта можа адбывацца за кошт рассмоктвання плоднага яйка, пры большых тэрмінах – у выніку ўсмоктвання каляплодных вод, мацэрацыі, абязводжвання і зморшчвання плода.

Дакладны дыягназ цяжарнасці, якая не развіваецца, у 98–100% выпадкаў устанаўліваецца пры дапамозе ультрагукавога даследавання ў комплексе з клінічнымі дадзенымі.

Лячэнне жанчын з цяжарнасцю, якая не развіваецца, уяўляе пэўныя складанасці. Несумненна, апраўданае актыўнае ўмяшанне, паколькі працяглая затрымка ў матцы загінулага плоднага яйка можа прывесці да развіцця сур’ёзных ускладненняў. Таму пры пацвярджэнні дыягназу цяжарнасці, якая не развіваецца, пасля адпаведнай перадаперацыйнай падрыхтоўкі варта выдаліць плоднае яйка з маткі.

Улічваючы прыярытэтную ролю інфекцыйнага фактару ў пасляабортным перыядзе, абавязкова праводзіцца дыферэнцыйная тэрапія, якая прадугледжвае спалучэнне супрацьвірусных і антыбактэрыяльных лекавых сродкаў сумесна з супрацьмікатычнымі прэпаратамі. Пасля завяршэння супрацьвіруснай і антыбактэрыяльнай тэрапіі паводле паказанняў здзяйсняецца карэкцыя гарманальных парушэнняў.

Паколькі ў эмбрыёнаў, якія спыніліся на раннім этапе эмбрыягенезу, парокі развіцця і храмасомныя парушэнні сустракаюцца значна часцей, чым у перынатальным перыядзе, пажадана кансультаванне сямейных пар, якія маюць у анамнэзе цяжарнасці, якія не развіваюцца, у спецыялістаў медыка-генетычных кансультацый.

Зыходзячы з вышэйпададзенага, для таго, каб жаданая цяжарнасць праходзіла без ускладненняў і скончылася нараджэннем здаровага дзіцяці, яна павінна быць абавязкова запланаванай. Планаванне цяжарнасці азначае падрыхтоўку да цяжарнасці, якая ўключае абследаванне абодвух бацькоў, перш за ўсё, на інфекцыі, карэкцыю наяўных гарманальных парушэнняў, санацыю хранічных ачагоў інфекцыі, лячэнне экстрагенітальных захворванняў, прыём лекавых прэпаратаў, якія папярэджваюць развіццё парокаў плода.

Урач акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі,

С.П. Кандрашова (загадчык аддзялення УГ)

У артыкуле выкарыстаныя дадзеныя ДУ Медыка-генетычны навуковы цэнтр РАМН, кафедры акушэрства і гінекалогіі РМАПА

Мы на карце

Тэлефоны для грамадзян Беларусі:
+375172206984
+375 (33) 633-62-17

Тэлефоны для замежных грамадзян:
+375 (17) 392-32-53

Ёсць пытанні? Пытайце!