Школа здароўя для будучых мам

Асноўная мэта заняткаў у «Школе здароўя для будучых мам» – гэта фарміраванне станоўчай устаноўкі на мацярынства, удумлівых і свядомых адносін да свайго стану, актуалізацыя і ўсведамленне жанчынамі радасці мацярынства, уласнай жаноцкасці, фарміраванне і ўмацаванне станоўчай эмацыянальнай сувязі паміж маці і дзіцём.

Заняткі будуюцца па прынцыпе гутаркі, у якой вядзецца дыялог паміж псіхолагам і будучымі мамамі. Асноўнымі тэмамі з’яўляюцца:

  1. пытанні ўнутрывантробнага развіцця, выхавання і навучання малыша;
  2. навучанне навыкам самарэгуляцыі, рэлаксацыі, дыхання;
  3. прапрацоўка страхаў і трывог, якія ўзнікаюць пад час цяжарнасці і вельмі ўскладняюць яе нармальнае цячэнне;
  4. асаблівасці шлюбных узаемаадносінаў у перыяд цяжарнасці;
  5. канструктыўныя спосабы вырашэння канфліктных сітуацый;
  6. дзіцяча-бацькоўскія адносіны, падрыхтоўка старэйшага дзіцяці да з’яўлення малодшага, індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці дзяцей.

Трывога пад час цяжарнасці

Няшмат момантаў у жыцці жанчыны могуць зраўнавацца па інтэнсіўнасці эмоцый з часам, калі яна носіць дзіця.

Пад час цяжарнасці ўвесь арганізм жанчыны зазнае значныя змены, што само па сабе спрыяе развіццю трывогі. Фізіялагічная перабудова ў цэнтральнай нервовай сістэме прыводзіць да таго, што ператамленне, аслаблены фізічны стан цалкам могуць стаць прычынай неспакою. Гэта значыць, будучая мама першапачаткова, паводле фізічных паказчыкаў, схільная да трывожнасці.

Апроч таго, выдзяляюць наступныя фактары, якія ўзмацняюць трывогу будучых мам:

  • Незапланаваная, спантанная цяжарнасць. Убачыўшы станоўчыя вынікі тэста, жанчына пачынае сутаргава ўспамінаць, якія алкагольныя напоі яна піла, колькі цыгарэт выпальвала і якія лекі прымала. Калі вынікі падлікаў несуцяшальныя, пачынаецца паніка.
  • Магчымыя ўскладненні пад час цяжарнасці, якія могуць паўплываць на здароўе будучага дзіцяці. Спектр хваляванняў тут вельмі аб’ёмны: ад працы за камп’ютарам, якая лічыцца шкоднай для здароўя, да нязробленых некалі прышчэпак і боязь захварэць на грып або краснуху.
  • Боязь родаў. Яна праяўляецца ў чаканні болю, адчуванні бездапаможнасці, адсутнасці ўлады над уласным целам.
  • Генетычныя страхі. Гэта можа быць страх нараджэння непаўнавартаснага дзіцяці праз незваротныя прыродныя прычыны.
  • Эстэтычныя страхі. Жанчына баіцца тых змяненняў, якія адбываюцца з тварам і фігурай, і думае, ці вернецца да яе былая форма.
  • Страх за здароўе будучага дзіцяці.
  • Страх стаць кепскай маці. Жанчына сумняваецца ва ўласнай здольнасці правільна даглядаць дзіця.
  • Боязь адказнасці за лёс дзіцяці. Ніхто ў такой меры не адказвае за жыццё і здароўе іншага чалавека, як маці за дзіця.
  • Страх будучага. Часта будучую маму пужаюць розныя перамены ў сям’і і на працы, звязаныя са з’яўленнем дзіцяці: ад матэрыяльных і жыллёвых складанасцей да змянення адносін з мужам і тармажэння кар’еры.

Будучыя перамены сапраўды вельмі хвалююць. Паток негатыўных думак як «снежны камяк» павялічваецца і ўзмацняе трывогу. Ад гэтых думак пагаршаецца апетыт, сон, агульны стан. Сучасныя медыцынскія і псіхалагічныя даследаванні сведчаць: думкі і эмоцыі, якія наведваюць маці пад час цяжарнасці, аказваюць самы непасрэдны ўплыў на развіццё будучага дзіцяці і на яго самасвядомасць.

Сувязь маці і дзіцяці настолькі вялікая, што пастаяннае пачуцце трывогі і неспакою перадаецца малышу. Ён пачынае таксама трывожыцца, яму страшна. Ён абсалютна нічога не ведае пра эканамічны крызіс, недастатковую колькасць грошай і жылля, і не мае ўяўлення аб прычынах мамінага настрою.

Для яго важна адчуванне бяспекі, клопату і любові. Важна, каб пра яго думалі, пра яго размаўлялі, дзяліліся з ім уражаннямі, здзіўляліся і радаваліся. Станоўчы настрой будучай маці прыраўноўваецца да развіццёвага для дзіцяці: узмацняе яго, дапамагае расці ўпэўненым і моцным. Менавіта таму важна ўсведамляць уласныя думкі, пачуцці і адчуванні. Бо менавіта мы самі з’яўляемся іх аўтарамі, а значыць, толькі самі можам штосьці змяніць.

У пераадоленні трывожнасці і неспакою вельмі эфектыўныя навыкі самарэгуляцыі, глыбокага дыхання, рэлаксацыі, цяглічнай гімнастыкі і інш. Неабходна вучыцца пераключаць думкі, заўважаць і атрымліваць задавальненне ад самых звычайных і звыклых рэчаў. На занятках у «Школе здароўя для будучых мам» дэманструюцца розныя практыкаванні для асваення гэтых спосабаў зняцця трывогі.

Для набыцця спакою і гармоніі важна разумець, што маці перадае малышу вопыт. Якім будзе гэты вопыт, залежыць ад маці. Ад таго, што яна думае пра падзеі, што адбываюцца ў яе жыцці, залежаць і яе пачуцці, і, адпаведна, адчуванні малыша. Усведамленне жанчынай важнасці ўласнага настрою і адчування ў кожны момант часу, дапамагае інакш ставіцца да таго, што адбываецца.

Зносіны да нараджэння

Жыццё да нараджэнне напоўненае таемствам і чараўніцтвам пераўтварэнняў. Доктар-псіхіятр Томас Верні прадставіў доказы эмацыянальнага, псіхалагічнага і інтэлектуальнага развіцця асобы дзіцяці ва ўнутрывантробным перыядзе. Плод, аказваецца, можа бачыць, чуць, перажываць, і, на прымітыўным узроўні, нават навучацца!

Зараз дакладна вядома, што, пачынаючы з 6 тыдняў, можна зафіксаваць мазгавыя імпульсы дзіцяці, ён пачынае рэагаваць на святло.

10 – 11 тыдняў – гэта час, калі малыш пачынае адчуваць дотык, цяпло, вібрацыю, боль, ціск і не толькі адчуваць, але і рэагаваць. Калі адчуванне яму «не падабаецца», ён адсоўваецца або адварочваецца.

18 – 20 тыдняў – дзіця ўжо праяўляе свой характар. Там, дзе «ціхоня», чуючы моцныя гукі, пужаецца, больш актыўны можа раззлавацца. Міміка дзіцяці выражае задавальненне, гнеў, крык, плач, з’яўляецца ўсмешка. Дзіця ўжо добра чуе і «запамінае» асобныя словы і выразы, адрознівае галасы, мае музыкальныя перавагі. Вядома, што дзецям больш падабаецца меладычная музыка, асабліва любяць малышы Моцарта і Вівальдзі.

На шостым месяц развіваецца вестыбулярны апарат – гэта значыць, што дзіця пачынае адрозніваць палажэнне свайго цела ў прасторы і пераварочвацца. У гэты ж час з’яўляецца смак, а нюх разаўецца толькі да дзявятага месяца. Існуюць дзіўныя гісторыі знакамітых музыкаў, якія маглі граць нейкія музычныя п’есы, ніводнага разу да гэтага не бачачы нават нот! Аказваецца, іх мацеры гралі гэтыя п’есы шмат разоў пад час цяжарнасці.

Шматгадовыя назіранні вучоных-прэнатолагаў пацвярджаюць, што ад таго, якія сігналы атрымлівала дзіця, знаходзячыся ва ўлонні мацеры, у пэўнай ступені залежыць нават, ці будзе ён шчаслівым або няшчасным, агрэсіўным або мяккім, спакойным або зласлівым у сваім наступным жыцці.

Паколькі слых у дзіцяці развіваецца раней за ўсё, а да моманту нараджэння малыш ужо можа пазнаваць маці і бацьку па галасах і інтанацыях, то, вядома, з ім можна размаўляць. Не проста ў думках звяртацца або нешта ціхенька нашэптваць, а менавіта гаварыць.

Яшчэ адзін выдатны спосаб зносін – спяванне. Калі жанчына спявае, яна злучаецца са сваімі пачуццямі і эмоцыямі і перажывае іх куды больш поўна. І, вядома ж, дзіця таксама адчувае больш моцныя імпульсы ад сваёй маці – не толькі голас кажа яму цяпер пра любоў і пяшчоту, але і яе дыханне і ўсё цела як бы прапітваецца гэтымі вібрацыямі.

Даўно вядома, што маленькі чалавечак добра развіваецца, калі маці шмат рухаецца: ходзіць, робіць разнастайныя рухі, змяняе палажэнне цела. Усё гэта спрыяе развіццю мозга дзіцяці. Ужо ўзгадвалася, што пад час цяжарнасці развіваецца вестыбулярны апарат дзіцяці, для гэтага і патрэбны рух.

Калі маці ходзіць, дзіця адчувае пакалыхванні, калі нахіляецца – прастора дзіцяці таксама змяняе палажэнне, калі пераварочваецца – малыш таксама пераварочваецца. Усё гэта рыхтуе малыша да з’яўлення на свет, бо тут, ва ўмовах гравітацыі, вельмі важна ўмець каардынаваць сваё цела, адчуваць верх і ніз для таго, каб навучыцца пераварочвацца, поўзаць, а потым хадзіць.

Робячы практыкаванні, вы напэўна заўважыце, што адны з іх дзіцяці падабаюцца, іншыя – не вельмі, і, выконваючы іх, вам давядзецца прыстасавацца да малыша – калісьці рабіць трошкі павольней, можа быць, выбраць меншую амплітуду руху, больш расслабіцца і да т.п. Усё гэта таксама зносіны, таму што гімнастыку вы робіце разам.

З 18 дзён б’ецца сардэчка дзіцяці і адказвае на імпульсы нашых пачуццяў і эмоцый.

У гэтым і парадокс, і тлумачэнне таго, што многія жанчыны адчуваюць сваё дзіця ва ўлонні яшчэ да таго, як з’явіліся якія-небудзь прыметы цяжарнасці. Калі мы спяваем дзіцяці, кажам пра сваю любоў і пяшчоту да яго, калі кладзем руку на жывот, калі бачым прыгожую прыроду або стварэнні чалавечых рук, нашыя сэрцы падтрымліваюць зносіны і ўстанаўліваецца тая самая сардэчная сувязь, якая дапамагае бацькам і далей разумець сваё дзіця без слоў.

Мы на карце

Тэлефоны для грамадзян Беларусі:
+375172206984
+375 (33) 633-62-17

Тэлефоны для замежных грамадзян:
+375 (17) 392-32-53

Ёсць пытанні? Пытайце!