Парадак ўезду, часовага знаходжання і выезду з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян у мэтах вакцынацыі супраць COVID-19
З 15 ліпеня 2021 года па 31 снежня 2022 года ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду, часовага знаходжання і выезду з Рэспублікі Беларусь замежных грамадзян у мэтах вакцынацыі супраць COVID-19, што вызначана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лiпеня 2021 г. № 251.
Для ўезду ў Рэспубліку Беларусь у мэтах вакцынацыі супраць COVID-19 (як першым, так і другім кампанентам вакцыны) замежныя грамадзяне павінны пакінуць заяўку ў інфармацыйнай сістэме, размешчанай у сетцы Інтэрнэт (https://vaccination.by/form/index.html) і атрымаць пацверджанне пра дату, час і месца правядзення вакцынацыі (найменні арганізацыі аховы здароўя).
Уезд у Рэспубліку Беларусь замежнага грамадзяніна магчымы не раней за два дні да пацверджанай даты вакцынацыі і не пазней за названую дату, тэрмін бязвізавага наведвання Рэспублікі Беларусь – не больш за 5 сутак з дня ўезду.
Пры перасячэнні Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь замежнаму грамадзяніну неабходна прадставіць дзейныя дакументы для выезду за мяжу, арыгінал або копію медыцынскага дакумента, які пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19, выкананага метадам ПЛР не пазней за трое сутак да даты перасячэння мяжы.
Вакцынацыя замежных грамадзян будзе праводзіцца з выкарыстаннем камбінаванай вектарнай вакцыны для прафілактыкі COVID-19 «Гам-КАВІД-Вак».
Для правядзення прышчэпак вызначаныя арганізацыі аховы здароўя ва ўсіх рэгіёнах краіны, пры гэтым канкрэтны горад, куды жадае прыехаць замежны грамадзянін, можна выбраць на этапе заяўкі.
Дазвол на правядзенне прафілактычнай прышчэпкі выдаецца лекарам пасля апытання, агляду, аналізу медыцынскіх дакументаў (пры наяўнасці), з улікам паказанняў і супрацьпаказанняў да вакцыны.
Пасля правядзення вакцынацыі-1 і вакцынацыі-2 будзе выдавацца сертыфікат, які пацвярджае правядзенне прышчэпак.
Падрабязную інфармацыю пра парадак вакцынацыі замежных грамадзян Вы можаце даведацца на сайце: https://vaccination.by/form/index.html.